Мемарыяльная сядзіба Смольня

У 1910 годзе, праз 8 гадоў пасля смерці Міхала, Міцкевічы нарэшце набылі сваю хату ў Смольні. У ёй жылі маці Ганна Юр’еўна (тут і закончыла свой век у 1929 годзе), дзядзька Антось (памёр у 1918 годзе), сёстры паэта Міхаліна, Алена, Марыя, браты Уладзя, Міхась і Іосіф.

Малюнкі родныя і з’явы!
Як вы мне любы, як цікавы!
Як часта мілай чарадою
Вы ўстаяце перада мною!

Якуб Колас. «Новая зямля»

Калі будавалася хата, Якуб Колас сядзеў у мінскай турме, і толькі 19 верасня 1911 года прыехаў сюды ўпершыню. Беднай і запусцелай здалася паэту Смольня. Каб хоць крыху зрабіць яе ўтульнай, Якуб Колас пасадзіў на сядзібе дрэвы. Ліпы, пасаджаныя ў яго першы прыезд, растуць і сёння на мемарыяльнай сядзібе. Пад гэтымі ліпамі сядзелі маладыя Якуб Колас і Янка Купала у час першай сустрэчы летам 1912 года.

Два знакамітыя паэты марылі аб сустрэчы даўно, але жыццёвыя абставіны не спрыялі гэтаму.

Якуб Колас у сваіх успамінах пісаў:
«Я быў пад нядрэмным вокам паліцыі. За кожным крокам маім яна пільна сачыла… Мая першая непасрэдная сустрэча з Янкам Купалам адбылася толькі летам 1912 года, амаль праз год майго вызвалення з астрога…»

Прыемна ўражаны сваім падарожжам у Смольню, Янка Купала прыгадваў:
«Пазваў мяне ў госці Якуб Колас. Грошай, як заўсёды, у мяне не было, каб наняць балагола, і я рашыў са станцыі Стоўбцы да вёскі ісці пехатою. Іду, іду, ужо і цямнець пачынае, кругом лес. Няма ў каго спытацца дарогі. Баяўся, што прыйдзецца ў незнаёмым вялікім лесе заначаваць, а тут і есці хочацца. Раптам павеяла вільгаццю, і я ўспомніў, што, па словах Якуба Коласа, Мікалаеўшчына стаіць на беразе Нёмана. Вось і пайшоў я ў  гэтым напрамку. Так і дайшоў шчасліва да самай Коласавай хаты».

У Смольні Якуб Колас бываў некалькі разоў у 1911—1914 гг., тут працягвалася праца над паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка», напісаны шэраг вершаў, апавяданняў, сядзіба адлюстравана і ў трылогіі «На ростанях».

Апошні раз Якуб Колас наведаў Смольню 30 красавіка 1956 года, як бы развітваючыся з ёю «хадзіў асцярожна, нібы баючыся, каб не патрывожыць уяўленняў, што ўзнікалі на кожным кроку ў дарагой сэрцу мясціне…» (Максім Лужанін «Колас расказвае пра сябе»)

У 1967 годзе, у Смольні быў адкрыты філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Музейная плошча складаецца з дзвюх частак: мемарыяльнай і літаратурнай. Мемарыяльная хата, дзе доўгі час жыў брат Якуба Коласа Іосіф Міцкевіч з сям’ёй, музеефікавана да 90-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа ў 1972 годзе.

Інтэр’ер мемарыяльнай хаты адноўлены па ўспамінах родных паэта. Этнаграфічныя рэчы адлюстроўваюць тагачасны сялянскі побыт, тут захоўваецца дух сям’і Міцкевічаў. На сядзібе адноўлены хлеў, гумно, у пабудаваным двухпавярховым будынку змешчана літаратурная экспазіцыя, якая знаёміць з дзіцячымі і юнацкімі гадамі паэта, далейшым яго жыццёвым і творчым шляхам. Пісьмы Якуба Коласа да землякоў, фотаздымкі, каштоўныя дакументы, рэдкія выданні твораў паэта, арыгінальныя матэрыялы не пакідаюць абыякавымі тых, хто наведвае гэты адметны і дарагі кожнаму беларусу куточак.