Адбылося адкрыццё выставы “Набіванка: традыцыя і сучаснасць”

19 верасня ў Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я адбылося адкрыццё выставы “Набіванка: традыцыя і сучаснасць”, якая арганізавана ў рамках праекта “Полацкая набіванка”, падтрыманага грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры на 2025 г.

Прастора выставы ператварылася ў месца, дзе мінулае гарманічна пераплялося з сучаснасцю. Разам з вядучым навуковым супрацоўнікам музея Таццянай Валер’еўнай Бараненка наведвальнікі часовай экспазіцыі змаглі прасачыць гісторыю развіцця мастацтва набіванкі на беларускіх землях. А запрошаная госця – загадчык аддзела традыцыйнай культуры Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Таццяна Анатольеўна Лапкова – распавяла пра сучасных майстроў Віцебшчыны, якія працуюць у дадзенай тэхніцы.

Напрыканцы мерапрыемства для ўсіх быў праведзены невялікі майстар-клас, дзе кожны змог адчуць сябе ў ролі майстра-набойшчыка. Гэты інтэрактыўны вопыт дазволіў наведвальнікам выставы не толькі глыбей зразумець тонкасці старажытнага рамяства, але і забраць з сабой створаную сваімі рукамі часцінку культурнай традыцыі.

Часовая экспазіцыя будзе працаваць для ўсіх жадаючых да 31 студзеня 2026 года. Спяшайцеся наведаць!

128